КО́ЛЬЧАТЫ ШАЎКАПРА́Д (Malacosoma neustria),

кольчаты коканапрад, матылёк сям. коканапрадаў. Пашыраны ў Еўразіі, на Беларусі звычайны від. Жывуць у лясах, садах, вусені — калоніямі ўнутры або на паверхні павуцінных гнёздаў паміж галін і на ствалах.

У матылька размах крылаў да 42 мм у самак і 32 мм у самцоў. Колер крылаў карычнева-жоўты з цёмнай папярочнай паласой. Вусень даўж. да 55 мм, блакітнавата-шэры, з белымі і аранжавымі палосамі на спіне і блакітнымі на баках. Вусені аб’ядаюць лісце, бутоны, кветкі. Акукліваюцца паміж лісця і ў расколінах кары. Самкі ў сярэдзіне лета адкладваюць да 400 яец у выглядзе кальца вакол тонкіх галінак (адсюль назва). Шкоднікі семечкавых і костачкавых пладовых культур і лясных парод.

Кольчаты шаўкапрад: 1 — самец, 2 — самка, 3 — вусень, 4 — кладка яец.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)